БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ
(БААПР),
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.
У.І.Адамушка.
т. 2, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)